Поиск

Полнотекстовый поиск:
Где искать:
везде
только в названии
только в тексте
Выводить:
описание
слова в тексте
только заголовок

Рекомендуем ознакомиться

'Документ'
применять необходимые для построения моделей знания принципов действия и математического описания составных частей мехатронных и робототехнических ча...полностью>>
'Закон'
Изменения и дополнения: Закон Республики Беларусь от 28 июля 2003 г. № 230-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2003 г., № 87, 2...полностью>>
'Программа'
Напомним, что Программа действует с 1 января 2009 года, и суть ее сводится к тому, что часть взносов в накопительную часть пенсии платит сам граждани...полностью>>
'Закон'
Настоящий Закон регулирует отношения, связанные с реализацией права лиц с ограниченными возможностями здоровья на образование любого уровня и направл...полностью>>

Беларускі фальклор

Главная > Документ
Сохрани ссылку в одной из сетей:

БЕЛАРУСКІ ФАЛЬКЛОР

Вучэбная праграма

для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў

па спецыяльнасці 1-21 05 01 “Беларуская філалогія”

Зацверджана Вучэбна-метадычным

аб’яднаннем ВНУ Рэспублікі Беларусь

па гуманітарнай адукацыі

(29 чэрвеня 2006 г.

Рэгістрацыйны № ТД-____/тып)

Мінск

БДУ

2006

УДК

ББК

Б

А ў т а р - с к л а д а л ь н і к

кандыдат філалагічных навук, дацэнт Р. М. Кавалёва

Р э ц э н з е н т ы:

кафедра этналогіі і фальклору УА «Беларускі дзяржаўны

педагагічны універсітэт імя М.Танка»;

доктар філалагічных навук, прафесар В. С. Новак.

Беларускі фальклор: Вучэб. праграма для студэнтаў выш. навуч. устаноў па спец. 1-21 05 01 «Беларуская філалогія» / аўтар-склад. Р. М. Кавалёва. – Мн.: БДУ, 2006. – с.

ISBN

Праграма вызначае канцэпцыю, змест і агульную пабудову вучэбнай дысцыпліны «Беларускі фальклор».

УДК

ББК

© Кавалёва Р. М., 2006

© БДУ, 2006

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

Канцэпцыя праграмы «Беларускі фальклор» прадыктавана філалагічным падыходам да разумення фальклору, які ў дадзеным выпадку разглядаецца як вусная паэтычная творчасць беларускага народа. Пры філалагічным падыходзе да фальклору асноўнай адзінкай яго вывучэння з’яўляецца жанр, што і абумоўлівае структуру праграмы. Гістарычнае развіццё фальклору разумеецца як рух традыцыі, калі новае з’яўляецца на падмурку старога, а старыя формы палягаюць паверх новага зместу, што і забяспечвае пераемнасць этнічнай культуры. Менавіта таму галоўны прынцып перыядызацыі беларускага фальклору, прыняты ў праграме, – характар традыцыі і яе тыпалагічныя адзнакі як жанравай мастацкай сістэмы.

Асноўная ўвага скіравана на вывучэнне складу, зместу і мастацкіх форм класічнага беларускага фальклору, які разглядаецца ў сувязі з папярэднікам – раннетрадыцыйным фальклорам і наступным – познетрадыцыйным фальклорам індустрыяльнага грамадства. Акрэсліваецца аб’ём паняццяў «сучасны фальклор», часткай якога з’яўляецца традыцыйны, «гарадскі фальклор», які ў нашых умовах існуе, галоўным чынам, на нацыялекце рускай мовы, «постфальклор», з вялікай разнастайнасцю яго жывых з’яў і форм, «псеўдафальклор», характэрны для савецкага часу.

Галоўныя праблемы вывучэння беларускага фальклору наступныя: гістарычнае развіццё жанраў і відаў беларускай вусна-паэтычнай творчасці, іх сістэмнасць, прынцыпы класіфікацыі, суадносіны агульнафальклорнага, агульнаславянскага і нацыянальна адметнага, агульнанацыянальнага і лакальна-рэгіянальнага, асаблівасці жанрава-відавой паэтыкі.

Структура і змест праграмы набліжаны да сучаснага стану фалькларыстычных даследаванняў. Удакладненне паняційна-тэрміналагічнага апарата абумоўлена фенаменалагічным падыходам да разгляду жанраў, г.зн. з улікам структуры нацыянальнай фальклорнай свядомасці і нацыянальнага жанравага мыслення, адметнасці ці, наадварот, падабенства жанравых карцін свету.

Праграма пэўным чынам каардынуецца з праграмамі іншых дысцыплін – усходнеславянскай міфалогіяй, уводзінамі ў літаратуразнаўства, тэорыяй літаратуры. Адсюль увага да такіх пытанняў, як тэорыя фальклору, нацыянальная спецыфіка беларускага фальклору, міфасфера і фальклор беларусаў, міфапаэтыка фальклорных жанраў, семантыка мастацкіх вобразаў, увядзенне ў праграму невялікай колькасці тэрмінаў і паняццяў, якія ў цяперашні час шырока выкарыстоўваюцца ў міждысцыплінарных даследаваннях і даказалі сваю эфектыўнасць пры аналізе фальклорных з’яў.

Прадмет вывучаецца на лекцыях, практычных занятках і ў працэсе самастойнай работы студэнтаў. У цэлым курс разлічаны на 50 аўдыторных гадзін: 30 лекцыйных, 12 практычных і 8, адведзеных на кантралюемую самастойную работу студэнтаў. Ён забяспечаны вучэбна-метадычным комплексам, які змяшчае базавую праграму, модульны практыкум з распрацоўкай ключавых тэм, інфармацыйныя і метадычныя матэрыялы, неабходныя для мэтанакіраванага вывучэння студэнтамі-філолагамі курса беларускага фальклору, тэсты, заданні для самастойнай работы, тэматыку курсавых, дыпломных і навукова-даследчых работ1. На практычных занятках рэкамендуецца навучыць студэнтаў асновам збіральніцкай працы, навыкам правільнага вызначэння жанраў і відаў фальклору, належнага афармлення запісаў і справаздачы па фальклорнай практыцы.

1. Тэорыя фальклору

1.1. Фальклор як тып славеснага мастацтва

1.1.1. Аб’ём паняццяў «вусная народная творчасць» і «фальклор». Вусная народная творчасць як складаны нелінейны працэс і як мастацкі прадукт (сукупнасць славесных тэкстаў; пэўныя, характэрныя для народнай творчасці жанры; бязмежжа варыянтных тэкстаў). Спецыфіка фальклорнага і літаратурнага тэкстаў (слоўнік, стыль, семантыка, кампазіцыя, сінтактыка, склад і спалучэнне вобразаў). Фальклор як неўсвядомленая, заснаваная на традыцыі і імправізацыі мастацкая творчасць. Стэрэатыпнасць як кардынальная якасць фальклору. Праблема аўтарства ў фальклоры. Непаўторнасць нацыянальнага фальклору. Сувязь фальклору з пазатэкставай рэальнасцю. Інфармацыйны абмен са знешнім асяроддзем. Аб’ём фальклорнай інфармацыі.

1.1.2. Гістарычнае развіццё і прынцыпы перыядызацыі фальклору.

Гістарычнае развіццё фальклору як працэс фарміравання традыцый. Тыпы фальклорных традыцый («архаіка», «класіка», «постфальклор»), культурна-гістарычныя і сацыяльныя крытэрыі іх вызначэння. Сінкрэтычны стан духоўнай культуры архаічнага грамадства. Архаічны фальклор як крыніца протажанраў. Раннетрадыцыйны фальклор – папярэднік нацыянальнага фальклору. Нацыянальны па форме і змесце класічны фальклор, замацаваны на ўзроўнях лакальнай, рэгіянальнай і агульнанацыянальнай традыцый. Познетрадыцыйны фальклор індустрыяльнага грамадства. Паняцці «гарадскі фальклор», «сучасны фальклор», «постфальклор», «псеўдафальклор». Суадносіны традыцый на розных стадыях развіцця фальклору.

1.1.3. Спецыфіка фальклору, яго адрозненне ад літаратуры.

Праблема паходжання фальклору (заканамернасць ці выпадковасць узнікнення фальклору). Тэорыі паходжання фальклору. Фальклор як папярэднік розных мастацтваў (музычны, драматычны, харэаграфічны фальклор). Фальклор як сінтэтычны від мастацтва. Адметныя рысы фальклору: а) калектыўнасць: праблема аўтарства, унутраная і знешняя формы калектыўнасці, сродкі іх увасаблення, структура фальклорнай свядомасці; б) традыцыйнасць: традыцыя як змест фальклорных тэкстаў, традыцыйныя фальклорныя формы (закон формульнасці), традыцыйная семантыка вобразаў і формул; в) варыятыўнасць: твор і тэкст у фальклоры, «выканальніцкі тэкст», «закон вар’іравання» і «закон самавыпраўлення» фальклорнага тэксту, варыянт і версія; адсутнасць кананічнага тэксту; фальклорны тэкст як сукупнасць яго варыянтаў; кантамінацыя; г) вуснасць як форма існавання фальклору (вуснасць стварэння, бытавання, распаўсюджання); памяць як сродак захавання фальклорных тэкстаў; прычыны імправізацыі і яе роля ў развіцці фальклору; д) сінкрэтызм: этнаграфізм фальклору; сінкрэтызм формы, функцый, тэксту; шматслаёвасць фальклорнага тэксту.

Фальклор і літаратура як два розныя полюсы адзінай прасторы славеснага мастацтва, дзве розныя эстэтычныя сістэмы. Фальклорны і літаратурны спосабы ўспрымання свету і яго інтэрпрэтацыі. Прынцып камунікацыі ў фальклоры і літаратуры, суадносіны традыцыйнага і новага. Мастацкая мова фальклорных і літаратурных твораў у дачыненні да гутарковай мовы і жанравага канону. Розная роля кантэксту ў фальклоры і літаратуры. Адметнасць фальклорнай і літаратурнай сістэмы жанраў.

1.1.4. Фальклор як мастацкая сістэма.

Паняцці «мастацкая сістэма» і «дыскурс». Фальклорны дыскурс як вынік мадэлюючай работы фальклорнай свядомасці. Літаратурна-мастацкі дыскурс і яго ўзроўні. Дыскурс самадзейнай творчасці: на мяжы дзвюх эстэтычных сістэм.

Сістэма фальклорных жанраў і іх выяўленчых сродкаў. Фальклор і рэальнасць. Тыпы сувязі фальклору з пазатэкставай рэчаіснасцю. Перавод міфалагічнага і этнаграфічнага субстрата ў эстэтычную сістэму. Ілюзія рэальнасці. Прадметна-персанажны склад. Кангламерат рэальнага, міфалагічнага і фантастычнага.

Спецыфіка фальклорнага слова. Стэрэатыпнасць выказвання як характэрная рыса фальклорнага дыскурса. Суадносіны стэрэатыпнага і арыгінальнага. «Агульныя месцы» (loci communes) у фальклоры.

Традыцыйныя формулы, матывы, сюжэты, сюжэтныя сітуацыі. Фармальны характар кампазіцыі сюжэтнага і несюжэтнага фальклорнага тэксту.

Жанравыя дыскурсы, іх нормы, правілы, тэндэнцыі моваўтварэння. Тэматычная (змястоўная) устойлівасць. Жанравыя карціны свету. Персанажная і прадметная кампазіцыя. Дамінантныя лейтматывы і лейтматывы-формулы. Устойлівыя слоўныя злучэнні ў апавядальных структурах і мове персанажаў. Стылістычныя клішэ. Формульныя механізмы аповеду. Асацыятыўныя рады вобразаў і персанажаў у народнай лірыцы.

1.2. Нацыянальная адметнасць беларускага фальклору

1.2.1. Паняцце «беларуская народная вусна-паэтычная творчасць». Этнагенез беларусаў. Беларускі фальклор як спадкаемца праславянскага фальклору. Дыялектнасць фальклору. Фальклорна-этнаграфічныя рэгіёны Беларусі. Архаічныя і раннетрадыцыйныя структуры ў беларускім фальклоры. Агульныя і падобныя з’явы ў тэматыцы, жанрах, тыпах герояў, прыёмах кампазіцыі, паэтычнай вобразнасці беларускай вусна-паэтычнай творчасці і фальклору ўсходніх, заходніх і паўднёвых славян.

1.2.2. Беларускі нацыянальны характар і фальклор.

Паняцці «нацыянальны характар», «этнакультурныя стэрэатыпы», «аўтастэрэатыпы”. Асаблівасці беларускага нацыянальнага характару як умова добрага захавання фальклорнай спадчыны. Класічны фальклор – найбольш старажытная частка беларускай нацыянальнай культуры. Яго роля ў структураванні этнічнага побыту. Выбіральнае стаўленне беларусаў да культурнай спадчыны. Уласна этнічная творчасць. Характэрныя рысы этнічнай свядомасці беларусаў. Канцэпцыя асобы ў беларускім фальклоры. Музычны лад народнай лірыкі.

1.2.3. Нацыянальная спецыфіка мыслення і мастацкай творчасці. Нацыянальная традыцыя. Суадносіны этнічнага (нацыянальнага) і агульначалавечага. Заканамернасці фарміравання «духоўнага цела» нацыянальнага фальклору ў сувязі з дынамікай развіцця міфасферы. Міфасфера і фальклор беларусаў:

· сфера архаічнага неперсаніфікаванага боства і беларускі фальклор;

· універсальная індаеўрапейская мітраісцкая сфера (ідэя ўпарадкавання прыроднага і сацыяльнага космасу); вобразна-стылістычныя каноны абрадавай паэтыкі ў іх сувязі з прэцэндэнтнымі міфалагічнымі феноменамі першастварэння і боскага першашлюбу;

· сфера асноўнага праславянскага міфа, яе ўплыў на сюжэтыку і семантыку фальклору;

· сфера міфалагічна і паэтычна адзначаных пераходных станаў чалавека і навакольнага асяроддзя (ідэя перасячэння мяжы, трансфармацый і метамарфоз);

· сфера духаў прыроды, фантастычных персанажаў іншасвету, дэманічных істот культурнай прасторы; матыў сустрэчы чалавека з яе прадстаўнікамі ў розных жанрах фальклору;

· сінтэтычная паганска-хрысціянская сфера часоў ранняга сярэднявечча і яе інтэнцыйныя напрамкі ў беларускім фальклоры;

· сфера народнага хрысціянства і яе адлюстраванне ў фальклоры.

Нацыянальныя і глабальныя заканамернасці фарміравання асноўных жанраў і відаў.

1.2.4. Жанрава-відавая сістэма і прынцыпы класіфікацыі беларускага фальклору.

Праблема жанру ў фальклоры. Вершаваная і празаічная мова ў фальклоры. Верагоднае/неверагоднае, сакральнае/прафаннае, рытуальнае/нерытуальнае, дыскурсіўнае/наратыўнае як жанравызначальныя прыкметы ў фальклорнай традыцыі. «Другасныя» жанры беларускага фальклору ў дачыненні да жанраў старажытнай беларускай літаратуры.

Агульныя прынцыпы класіфікацыі фальклору, іх станоўчыя рысы і недахопы (фармальны, сацыяльны, функцыянальна-этнаграфічны, мастацтвазнаўчы, філалагічны).

Жанрава-відавая сістэма традыцыйнага беларускага фальклору. Агульнафальклорныя, агульнаславянскія і нацыянальна адметныя віды і жанры. Сістэма беларускай эпікі. Склад беларускай лірыкі. Класіфікацыя абрадавай і пазаабрадавай лірыкі. Класіфікацыя драматычных твораў беларускага фальклору. Малыя жанры беларускага фальклору. Родавыя рысы замоў. Жанравая сістэма дзіцячага фальклору. Міжжанравыя феномены. Лёс розных жанраў і відаў беларускага фальклору, ступень іх прадукцыйнасці на сучасным этапе.

1.2.5. Грамадская каштоўнасць беларускага фальклору.

Два аспекты пазнавальнага значэння беларускага фальклору: для носьбітаў фальклорнай традыцыі і для навукоўцаў. Гістарызм беларускага фальклору. Фальклор – крыніца звестак пра ўнутраную гісторыю народа, яго светасузіранне, побыт (штодзённасць і святы). Магчымасць семантычнай рэканструкцыі беларускай міфасферы на аснове фактаў традыцыйнай народнай культуры.

Выхаваўчы патэнцыял беларускага фальклору. Народныя традыцыі і фальклор як комплексны сродак выхавання калектыву і асобы. Маральны імператыў беларускага фальклору. Жыццёвая мараль і мастацкая этыка. Сістэма каштоўнасцей. Ідэя сацыяльнай справядлівасці. Праблема выбару. Безнадзейнасць пасярэдняга шляху ў казках. Праблемы сямейнага жыцця і сродкі іх вырашэння. Механізм абароны свайго «я» ў фальклоры. Каханне як маральна-псіхалагічная творчасць асобы.

Эстэтычнае багацце беларускага фальклору. Тыпы эстэтычнага завяршэння ў фальклоры. Асноўныя модусы мастацкасці: ідыліка, героіка, драматызм, камізм, іронія, элегізм. Прычыны адсутнасці трагічнага і сатырычнага модусаў мастацкасці. Эстэтычныя каштоўнасці. Прырода як эстэтычны ідэал. Суладдзе чалавечага і прыроднага. Фальклор як крыніца мастацкавыяўленчых сродкаў, вобразаў, матываў, сюжэтаў і сродак узбагачэння прафесійнага мастацтва. Фалькларызм як сацыяльна-культурная і эстэтычная з’ява. Творчая адоранасць беларускага народа.

Роля фальклору ў замацаванні і пераемнасці гуманістычных традыцый, выхаванні нацыянальнай свядомасці, захаванні нацыыянальнай ідэнтычнасці ва ўмовах глабалізацыі.

1.3. Фалькларыстыка як навука

1.3.1. Жанры ў іх гістарычным развіцці – асноўны прадмет вывучэння ў фалькларыстыцы. Раздзелы фалькларыстыкі: тэорыя фальклору, гісторыя фальклору і фальклорных жанраў, гістарыяграфія фалькларыстыкі, арганізацыя і методыка збірання фальклору, сістэматызацыя архіўных фондаў, тэксталогія і прынцыпы выдання фальклору.

1.3.2. Метады і прынцыпы вывучэння фальклору.

Параўнальна-гістарычны метад і яго віды (гісторыка-генетычны, гісторыка-культурны, гісторыка-тыпалагічны). Структурна-семіятычны метад. Рэгіянальнае, арэальнае, дыяхроннае, сінхроннае, сістэмнае і функцыянальнае вывучэнне фальклору. Методыка палявога і ўключанага даследавання фальклорных з’яў.

1.3.3. Фалькларыстыка ў сістэме філалагічных і грамадскіх навук. Выкарыстанне метадаў, прыёмаў і матэрыялаў іншых навук у фалькларыстычных даследаваннях. Фалькларыстыка і літаратуразнаўства. Суадносіны паняційна-тэрміналагічнага апарату літаратуразнаўства і фалькларыстыкі. Фалькларыстыка і міфалогія. Азначэнне міфа, міфалогіі, міфасферы, міфалагемы. Міфалагічная семантыка фальклорных вобразаў, матываў, сюжэтаў. Фалькларыстыка, этнаграфія, этналогія. Этнаграфічныя сувязі фальклору. Шматузроўневае вывучэнне фальклорных з’яў і комплексаў. Фалькларыстыка і дыялекталогія. Фалькларыстыка і этналінгвістыка. Метамова беларускай народнай культуры. Праблема семантычнай рэканструкцыі фальклорных з’яў (абрады, вобразы і г. д.). Фалькларыстыка і псіхалогія. Грані ўвасаблення нацыянальнай псіхалогіі ў фальклоры. Псіхааналітычны падыход. Паняцце архетыпу. Фальклор і рэчаіснасць. Фалькларыстыка і гісторыя. Узроўні фальклорнага гістарызму. Фалькларыстыка і сацыялогія. Фальклор як індыкатар грамадскіх настрояў. Гендэрнае вывучэнне фальклору. Фалькларыстыка і культуралогія. Выкарыстанне культуралагічных ідэй і канцэпцый пры вывучэнні фальклорных з’яў.

1.3.4. Беларуская фалькларыстыка.

Станаўленне беларускай фалькларыстыкі ў рэчышчы славянскай і еўрапейскай навукі.

Беларускі фальклор на старонках летапісаў і старажытнай літаратуры. Зараджэнне беларускай фалькларыстыкі (XVI–XVIII ст.). Уплыў ідэй славянскага рамантызму на станаўленне фалькларыстыкі як навукі. Актывізацыя збіральніцкай дзейнасці ў першай палове ХІХ ст. Уздзеянне тэарэтычных і метадалагічных установак еўрапейскай міфалагічнай школы на ўсходнеславянскую фалькларыстыку. Пошукі рэштак славянскай міфалогіі ў беларускіх народных звычаях і абрадах (М. Чарноўская).

З. Даленга-Хадакоўскі аб агульнасці духоўнай культуры славян. Разгляд беларускага фальклору ў кантэксце еўрапейскага ў кнізе А. Рыпінскага “Беларусь” (1840). Шматгранная дзейнасць А. Міцкевіча па папулярызацыі беларускага фальклору і асэнсаванні яго месца ў славянскім свеце.

Роля Рускага геаграфічнага таварыства (РГТ) у актывізацыі збіральніцкай і даследчай дзейнасці ў галіне беларускай фалькларыстыкі. Стварэнне Паўночна-Заходняга аддзела Таварыства ў Вільні (1867). Студэнцкі збіральніцкі рух.

Увага да рэгіянальнага і лакальнага беларускага фальклору (Я. Чачот, Я. Тышкевіч, П. Шпілеўскі, А. Кіркор). Я. Чачот – аўтар першага асобнага выдання беларускіх народных песень (1846). Фальклорна-этнаграфічныя працы П.Шпілеўскага.

Фарміраванне беларускай фалькларыстыкі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. Першае навуковае выданне беларускіх прыказак (І. Насовіч). Класічныя працы П. Шэйна і складзеная ім праграма па збіранні беларускага фальклору. Беларускія матэрыялы ў працах рускіх даследчыкаў – міфолагаў Ф. Буслаева і А. Афанасьева. Міфалагічнае трактаванне беларускіх каляндарна-абрадавых песень у П. Бяссонава. Пастаноўка ім праблемы беларускага эпасу. А.Пыпін як гісторык беларускай фалькларыстыкі.

Спроба жанрава-тэматычнай класіфікацыі беларускага фальклору М. Дзмітрыева. Шырокі ахоп беларускіх фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў і іх пашпартызацыя ў працах М. Нікіфароўскага. Увага да малых жанраў фальклору, прыпевак, прыкмет і павер’яў. Спроба рэканструкцыі старадаўняга светапогляду беларусаў у працы А. Багдановіча.

“Белорусский сборник” Е. Раманава – манументальная энцыклапедыя беларускага фальклору. Палескія фальклорныя матэрыялы ў зборніках З. Радчанкі, Д. Булгакоўскага, М. Доўнара-Запольскага. Роля М. Доўнара-Запольскага ў навуковым даследаванні беларускага народнага вяселля. Практыка вывучэння народнай культуры беларуска-рускага памежжа (У. Дабравольскі). Пастаноўка М. Янчуком праблемы крытычнага стаўлення да ўяўна народных песень гістарычнага зместу.

Увага да беларускага фальклору з боку польскіх вучоных. Фундаментальны збор М. Федароўскага “Люд беларускі”.

Першая навуковая сістэматызацыя беларускага фальклору ў працы заснавальніка беларускай філалогіі Я. Карскага “Белорусы”. Прынцыпы збіральніцкай дзейнасці А. Сержпутоўскага.

Арганізацыя фальклорна-этнаграфічнай работы ў Беларусі пачынаючы з 20-х гг. ХХ ст. і да нашых дзён. Роля Інстытута беларускай культуры і краязнаўчага часопіса “Наш край”. Арганізацыйная і навуковая дзейнасць І. Сербава, А. Грыневіча, А. Шлюбскага. Увага да сацыяльнага аспекту беларускага фальклору ў працах З. Бядулі, М. Нікольскага. Прынцыпы “Праграмы збірання вуснае народнае культуры”, складзенай Літаратурнай камісіяй Інбелкульта. Статыстычны аналіз колькасці запісаў розных жанраў, зроблены А. Шлюбскім. Стварэнне ім першага бібліяграфічнага паказальніка па беларускім фальклоры і этнаграфіі (1927).

Ідэалагічны ціск на змест збіральніцкай і навуковай дзейнасці фалькларыстаў у 30-я гг. ХХ ст.

Арганізацыйная перабудова фалькларыстычнай работы ў пасляваенны час. Стварэнне Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) у АН БССР. Увага да народнай паэтычнай творчасці перыяду Вялікай Айчыннай вайны і сучаснага фальклору. Актыўнае выданне беларускіх народных песень з нотамі (М. Чуркін, Р. Шырма, Г. Цітовіч, З. Мажэйка, В. Ялатаў і інш.). Шматтомнае выданне зводу беларускай народнай творчасці (БНТ) з 1970 г. Прынцыпы выдання зводу і структура тамоў.

Гісторыка-тэарэтычнае вывучэнне жанраў і відаў беларускага фальклору: замоў, дзіцячага фальклору, веснавой паэзіі (Г. Барташэвіч), фальклорнай прозы (Л. Бараг, К. Кабашнікаў, І. Крук, А. Цітавец), сямейна-абрадавай паэзіі, народнай сатыры (А. Фядосік, Л. Малаш, В. Захарава, У. Сысоў, В. Прыемка), каляндарна-абрадавай паэзіі (А. Ліс,.. Р. Кавалёва, Т. Івахненка), пазаабрадавай лірыкі (В. Цішчанка, А. Гурскі, У. Васілевіч, Г. Пятроўская), баладных песень (Л. Салавей) і інш. Параўнальна-гістарычны разгляд беларускага фальклору ў працах К. Кабашнікава. Распрацоўка праблемы ўзаемасувязі літаратуры і фальклору.Выданні па гістарыяграфіі беларускай фалькларыстыкі.

Цэнтры збірання, філалагічнага і комплекснага вувычэння фальклору. Перыядычныя і неперыядычныя выданні.

Збіранне і даследаванне беларускага фальклору выкладчыкамі, аспірантамі і студэнтамі ВНУ Беларусі. Выданне зборнікаў рэгіянальнага фальклору. Даследчыцкая і публікатарская праца Н. Гілевіча, В. Захаравай, Л. Касцюкавец, В. Ліцьвінкі, В. Новак, У. Раговіча і інш.

Падручнік і дапаможнікі па беларускай вусна-паэтычнай творчасці. Праграмы-апытальнікі для фальклорнай практыкі студэнтаў.

Новыя тэндэнцыі ў беларускай фалькларыстыцы. Перавыданні класічных збораў беларускага фальклору. Беларуская фалькларыстыка на міжнароднай арэне.

2. Жанры і віды беларускага фальклору

2.1. Рытуальна-магічная сфера беларускага фальклору

Замовы. Каляндарная абраднасць. Сямейна-бытавая абраднасць. Два пачаткі святочна-абрадавай культуры беларусаў (апаланічнае і дыянісійскае). Абрадавая паэзія.

2.1.1. Замовы.

Паходжанне, магічнае прызначэнне і лёс замоў. Традыцыйныя і новыя носьбіты магічнай практыкі. Тэматычна-функцыянальная класіфікацыя замоў. Міфалагічная карціна свету ў замовах. Язычніцтва і хрысціянства ў замовах. Семантыка і структура замоўных формул. Магічная аснова кампазіцыі замоў. Функцыянальная паэтыка замоў. Магічная функцыя рытмікі, тропікі, сінтактыкі. Замова, заклінанне, малітва.

2.1.2. Каляндарна-абрадавая паэзія беларусаў.

Падзел на чатыры каляндарныя цыклы. Жанравыя песенныя формы (заклінальныя, рытуальныя, велічальныя, дакаральныя (жартоўныя) і абрадавыя лірычныя песні). Характар лірызму ў творах.

Зімовы цыкл каляндарна-абрадавай паэзіі.

Рытуальна-міфалагічны змест калядных абрадаў, звычаяў, песень. Куцця і дзяды. Феномен калядных «хаджэнняў» і «ваджэнняў». Каляды і Каляда: абрадава-паэтычная канкрэтызацыя і межы навуковай інтэрпрэтацыі. Мастацкі свет калядных песень. Ідэлічны хранатоп. Сістэма персанажаў, міфалагізацыя вобраза гаспадарскага двара. Ваджэнне «казы» як песенна-сімвалічнае адлюстраванне старажытнага ахвярнага абраду. Рытуальныя калядныя гульні і іх паэзія («Жаніцьба Цярэшкі», «Яшчур» і інш). Шчадроўскія песні. Песні на Васілле. Калядныя варожбы ў вербальным выражэнні.

Веснавы цыкл каляндарна-абрадавай паэзіі.

Багацце відаў беларускіх веснавых песень. Нацыянальна адметныя віды веснавой паэзіі беларусаў.

Масленічныя песні. Генезіс і семантыка вобраза Масленкі. Рытуальная ідэя масленічных абрадаў і звычаяў. Склад масленічных песень. Іх тыпалогія і нацыянальная спецыфіка. Песенная семантыка абрадавай ежы

Гуканне вясны. Асноўныя матывы, рытуальна-міфалагічны змест і паэтыка вяснянак. Архетыпная аснова сістэмы жаночых персанажаў (Вясна і яе маці Зямля).

Валачобныя песні. Валачобніцтва і калядаванне. Геаграфія валачобных песень. Адметнасць прыпеваў. Функцыянальна-тэматычны склад валачобных песень. Асноўныя матывы (надыход Вялікадня, валачобніцтва, велічанне, выпрошванне дароў, пажаданні). Вобразы адрасатаў валачобных песень (гаспадар, гаспадыня, паніч, паненка, бабка, сірата, удава). Матыў «жыта кліча гаспадара адведаць яго». Сюжэт «гаспадар выбіраецца на агледзіны жыта». Сустрэча з хрысціянскімі апекунамі земляробства. Песні на каляндарную тэму – вербальны рытуал стварэння новага часавага цыкла. Матыў «дзіўныя праявы ў двары» і яго развіццё.

Веснавыя карагодныя і гульнёвыя песні. Генетычна-функцыянальная сувязь з магіяй і абрадамі. Тыпы намінацый. Сінкрэтызм структурных элементаў і ўмоў выканання. Тыпалогія матываў (матывы палявання, аграрныя, любоўна-шлюбныя). Паэтыка сюжэта. Семантыка вобразнага паралелізму.

Юраўскія песні. Міфалагічная семантыка вобраза Юр’я і яго маці. Матыў адмыкання зямлі. Юраўскі карагод.

Песні абраду ваджэння і пахавання «стралы». Семантыка вобраза «стралы». Паэзія абраду ў кантэксце сюжэта асноўнага славянскага міфа (лінія барацьбы Грамавіка са змеем і сямейная лінія).

Траецкія, куставыя і майскія песні, іх арэалы, агульнае і адметнае. Адлюстраванне культу прыроды і культу продкаў. Вобразы бярозкі, Куста, Маі, дзявоцкага войска, прыпявалначак. Ідэйна-тэматычныя асаблівасці траецкіх, куставых і майскіх песень. Абрадава-візуальнае і паэтычнае. Аграрна-гаспадарчая і любоўна-шлюбная тэматыка. Тэма кумавання ў траецкіх ппеснях, скаргі на долю ў куставых песнях. Адметныя матывы.

Русальныя песні, іх арэал. Генезіс і семантыка вобраза русалкі. Абрад праводзінаў русалкі. Міфалагічныя матывы ў русальных песнях.

Летні цыкл каляндарна-абрадавай паэзіі.

Склад летніх песень (купальскія, пятроўскія, касецкія, жніўныя песні).

Купалле. Структурна-семантычныя асаблівасці купальскай абраднасці. Міфалагічны першашлюб – аснова купальскага рытуалу. Папараць-кветка як знакавы вобраз. Аграрна-шлюбная семантыка матыву «ігра сонца». Абумоўленасць складу купальскіх песень рытуальнай ідэяй Купалля. Рытуальныя купальскія песні. Купальскія міфалагічныя песні. Вобразы Купалы і яе дачкі (трох дачок). Архаічная андрагіннасць Купалы. Заклінальныя песні. Матыў барацьбы з нячыстай сілай. Карагодныя песні і іх прыпевы. Сродкі стварэння антысвету ў жартоўных песнях. Сюжэты купальскіх балад. Міфалагічны аспект купальскіх балад. Матыў метамарфозы. Матыў сакральнага шлюбу. Матыў падману дзяўчыны. Геаграфія купальскіх песень і звычаяў.

Жніўныя песні. Зажынкі і іх паэзія. Ключавыя тэмы і кампазіцыйныя элементы зажынкавых песень. Уласна жніўныя песні. Паэтычнае структураванне прасторы і часу. Прыродныя канцэпты. Знакавыя вобразы (жыта, поле, жнеі, палуднічкі, сярпочкі, малодачка, пан, прыганяты, павязнічак, дарога, перапёлка і інш.). Баладны матыў «ваўкі-нянькі» і яго рытуальны падмурак.

Дажынкавыя песні. Галоўныя матывы. Адлюстраванне дажынкавай абраднасці («палоць бараду», «завіванне барады», «вяртанне сілы», вянок (кветка), частаванне жнеек). Архаічныя структуры «жніво – вайна», «вянок – божы дар», новая хата жыта. Семантыка вобразаў Раю, Спарыша, Спарыні. Семантычны комплекс вобраза пана (паночка): архаічнае ядро і сацыяльныя навацыі.

Адметнасць талочных песень. Вобразы талакі і гаспадароў.

Восеньскі цыкл каляндарна-абрадавай паэзіі.

Восеньскія каляндарныя песні – адметная асаблівасць беларускага фальклору. Геаграфічнае распаўсюджанне восеньскіх песень і іх рэгіянальныя віды. Народная тэрміналогія. Прыродны, працоўны, бытавы кантэксты восеньскіх песень. Паэтычныя знакі кантэкстаў, асацыятыўна-вобразная сінтактыка знакаў.

Склад восеньскіх песень. Элегізм як дамінуючая форма мастацкасці. Жанрава адметныя ракурсы бачання свету прыроды, аспектаў працы, чалавека.

Прадзільныя (піліпаўскія) песні.

Прамежкавае каляндарнае становішча прадзільных песень. Калектыўныя попрадкі як бытавы кантэкст песень. Звычай першага «запрадання». Паэтызацыя кужалю. Этнаграфічны субстрат твораў. Лексіка прадзення. Паэтыка часу і месца.

Элегічныя і жартоўныя песні. Вобразы працавітых, гуллівых і лянівых праль. Матыў стомленасці. Тэма нешчаслівага сямейнага жыцця. Антытэза як структурны кампанент кампазіцыі твораў. Сістэма проціпастаўленняў: нядобразычлівая чужая сям’я – родная сям’я, злосны свёкар – родны бацька, дрэнны муж – клапатлівы мілы і г. д.

Матыў Каляд у піліпаўскіх песнях.

2.1.3. Сямейны абрадавы комплекс беларусаў (радзіны і хрэсьбіны, вяселле, пахаванне і памінанне) і яго паэзія.

Абрады жыццёвага цыкла як «абрады пераходу». А. ван Генеп і яго метад даследавання сямейных абрадаў. Міфалагічная універсалія «праз смерць да новага нараджэння». Семантычная аснова абраднасці жыццёвага цыкла. Трайчастая кампазіцыя пераходных абрадаў.

Радзінная паэзія.

Рэгламентацыя паводзінаў цяжарнай жанчыны. Забароны, парады і іх тлумачэнне. Драматургія радзіннай абраднасці і яе паэтычнае ўвасабленне. Сістэма персанажаў (парадзіха, бацька дзіцяці, дзіця, бабка). Рэальнае і ідэальнае ў іх стасунках. Дзіця – дар бога. Гендэрны аспект. Жанравыя віды хрэсьбіннай паэзіі (заклінальныя, велічальныя, жартоўныя, бяседныя песні, тосты, прыгаворкі, жарты). Мастацкая дваістасць вобразаў бабкі і кумоў. Эратычная сімволіка хрэсьбінных песень. Асноўныя матывы бяседных песень. Радзінна-хрэсьбінная тэма ў прыказках і прымаўках.

Вясельная паэзія.

Тыпы беларускага вяселля. Паэтыка вясельных песень і прыгаворак як матэрыял для рэканструкцыі гісторыі вясельнай абраднасці. Вясельныя чыны і іх песенная рэпрэзентацыя.

Трайчастая кампазіцыя беларускай вясельнай абраднасці. Рытуальныя і ілюстрацыйныя песні. Перадвясельныя абрады і звычаі: тэрміналогія, змест, сэнс, функцыя. Формульныя тэмы перадвясельнай паэзіі. Вобразныя коды каравайных песень (рытуальны, міфалагічны, сімвалічны і інш.).

Рытуальны сцэнарый вяселля. Стаўбовы абрад. Сімволіка абрадаў пасаду (саджэнне на дзяжу, расплятанне касы, застрыганне, пакрыванне). Рытуальна-эмацыянальныя тэмы маладой, маладога, ад’езду, дарогі, сустрэчы і інш. Харавы дыялог «партыі жаніха» і «партыі нявесты» на вяселлі ў хаце маладой і ў хаце маладога.

Модусы мастацкасці вясельнай паэзіі. Паэтыка велічальных і дакаральных (жартоўных) песень. Асноўныя семантычныя коды вясельнай тропікі (касмалагічны, анімалістычны, арніталагічны, раслінны). Эратычная сімволіка абрадавай атрыбутыкі і вясельных песень. Каліна як сімвал цноты. Паслявясельныя абрады і звычаі. Тыпы гасціны («пярэзвы», «бабскі вечар», госці ў хаце жаніха).

Хаўтурныя галашэнні.

Вера ў замагільнае жыццё і магчымасць сувязі са светам жывых – аснова пахавальных і памінальных абрадаў. Пераважна жаночы характар галашэнняў. Тэма смерці як сямейнай трагедыі. Традыцыйныя кампазіцыйныя блокі галашэнняў (звароты-воклічы да нябожчыка, пытанні-воклічы, малюнкі мінулага, цяперашняга, будучага, метафарычныя апісанні магілы і іншасвету, заклікі да нябожчыка, звароты да прыродных сіл, папрокі і г. д.). Характар тропікі. Лексіка-стылістычныя асаблівасці.

Памінальны хранатоп. Дзяды. Псальмы і духоўныя вершы ў кантэксце пахавальнай і памінальнай абраднасці.



Скачать документ

Похожие документы:

  1. Фальклорам многіх іншых еўрапейскіх народаў, у якіх амаль зніклі формы яго аўтэнтычнага бытавання яшчэ ў мінулыя эпохі, адраджаліся ж пераважна ў перапрацоўках

    Документ
    Беларускі фальклор найлепш захаваўся ў параўнанні з фальклорам многіх іншых еўрапейскіх народаў, у якіх амаль зніклі формы яго аўтэнтычнага бытавання яшчэ ў мінулыя эпохі, адраджаліся ж пераважна ў перапрацоўках.
  2. Беларускім літаратуразнаўстве

    Документ
    Паэма “Сымон-музыка” у творчасці Якуба Коласа займае адметнае месца і належыць да найбольш дасканалых твораў беларускай літаратуры. Гэты паэтычны шэдэўр высока цаніў Янка Купала, бо тут змест і форма зліліся ў гарманічнае адзінства.
  3. Курс лекцый удк 398 (476) (042. 4) Рэкамендавана да друку вучоным саветам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі І фальклору імя К. Крапівы

    Документ
    Дэфініцыя тэрміна "фальклор" (англійскае слова {folklore - народная мудрасць) у славянскай фалькларыстыцы атаясамліваецца з тэрмінам "вусна-паэтычная народная творчасць".
  4. К. С. Фарыно 2011 г. Аб выкладанні вучэбных прадметаў «Беларуская мова» І «Беларуская літаратура» ў 2011/2012 навучальным годзе Асноўнымі мэтамі І задача

    Задача
    – засваенне ведаў пра сістэму беларускай мовы на ўсіх яе ўзроўнях (фанетыка, лексіка, фразеалогія, склад слова і словаўтварэнне, марфалогія, сінтаксіс),
  5. Беларуская літаратура

    Документ
    - пазнаёміць вучняў з асаблівасцямі вывучэння курса літаратуры ў 10 класе, даць характарыстыку літаратурна-грамадскаму руху ў 20-я гады, засяродзіць увагу на пераемнасці ў развіцці літаратуры з «нашаніўскім» перыядам,

Другие похожие документы..