Поиск

Полнотекстовый поиск:
Где искать:
везде
только в названии
только в тексте
Выводить:
описание
слова в тексте
только заголовок

Рекомендуем ознакомиться

'Тесты'
7. Чем меньше потребность населения в наличных деньгах, по сравнению с потребностью в банковских депозитах, тем меньше возможность создания денег бан...полностью>>
'Исследование'
Опубликовано: Шаховский В.И. Человек лгущий в реальной и художественной коммуникации Человек в коммуникации: аспекты исследования. – Волгоград, 2005...полностью>>
'Доклад'
Сегодня в Государственной Думе РФ прошли парламентские слушания на тему «Федеральный государственный образовательный стандарт – стратегический ресурс ...полностью>>
'Реферат'
9. Влияние политических деятелей и известных юристов на состояние правовой и политической культуры населения Российской империи....полностью>>

Асобы аляксандр тамковіч

Главная > Документ
Сохрани ссылку в одной из сетей:

АСОБЫ

АЛЯКСАНДР ТАМКОВІЧ

Кніжка, якую Вы трымаеце ў руках, склалася з нарысаў, надрукаваных у газеце “Новы час”. Традыцыя даўно і не намі прыдуманая, але слушная і жыццём пацверджаная. Як адказ на запатрабаванне часу, на жаданне грамадства мець у сваім пастаянным карыстанні – у выглядзе кніжкі -- найлепшае з таго, што з’яўлялася на старонках прэсы, ці гучала ў радыё і тэлеэфіры. Бо гэтак жа даўно заўважана, што газета жыве адзін дзень, а вось тыя ці іншыя публікацыі з яе старонак маюць моцны запас трываласці і актуальнасці.

Нарысы Аляксандра Тамковіча менавіта з гэтай катэгорыі. Бо яны аб людзях, чый лёс выпаў на пераломную эпоху ў найноўшай гісторыі Беларусі. І якія не проста ціха існавалі ў сваім часе, але і істотна паўплывалі на яго хаду. Так ці інакш. У той ці іншы бок.

Хранометр гісторыі хуткасны, і тое, што адбывалася-перажывалася, здаецца толькі-толькі ўжо зацягваецца пацінай часу. Але пры гэтым яшчэ баліць, хвалюе, бо пераломная эпоха не завяршылася, бо дэмакратыя яшчэ не настала ў Беларусі, бо барацьба за перамены працягваецца.

Гэта мы адчулі на сабе. Аднаму з герояў цыкла нарысаў Аляксандра Тамковіча -- М.І. Чаргінцу – вельмі не спадабалася публікацыя “Генерал-сенатар Мікалай Чаргінец”, ён убачыў у яе змесце знявагу свайго гонару і годнасці, аб чым і падаў іск у суд на А. Тамковіча і выдавецкае прадпрыемства “Час навінаў” (выдаўца газеты “Новы час”) на агульную суму (канчатковы вынік – заўвага аўтара) ў 51 000 000 рублёў. Дзякуючы ахвяраванням чытачоў, салідарнай падтрымцы людзей добрай волі газета вытрымала гэты ўдар. Зразумела, што нарыс “Генерал-сенатар Мікалай Чаргінец” у гэтай кніжцы адсутнічае. Замест яго – белая пляма.

Ну, што тут скажаш: гэта таксама прыкмета нашага часу, калі высокапастаўленыя прыўладныя палітыкі і чыноўнікі пазбягаюць адкрытай палемікі і самі ставяць сябе ў становішча, калі аб іх, як аб пакойніках -- ці толькі добра, ці нічога. Але ж ці надоўга? З урокаў гісторыі вядома: усё роўна напішуць, раней ці пазней. Прычым аб’ектыўна: як было і чаго ты варты.

Ідэя даць на старонках газеты серыю палітычных партрэтаў, аб’яднаных у адзін цыкл “Найноўшая гісторыя ў асобах”, узнікла ў мяне даўно. Але заставалася ідэяй пакуль мой рэдактарскі шлях шчасліва не перакрыжаваўся з творчым шляхам, не супаў з памкненнямі Аляксандра Тамковіча. Не проста таленавітага журналіста, і не проста наглядальніка, але і актыўнага ўдзельніка ўсіх значных палітычных падзей апошніх пятнаццаці гадоў.

Аляксандр Леанідавіч належыць да той першай кагорты журналістаў, што закладвалі асновы незалежнай прэсы ў Беларусі напачатку 1990-х гадоў. Ён спрычыніўся да выхаду газет “Свободные новости», “День”, заснавання грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Магчыма напруга, стрэс гэтай няроўнай барацьбы з сіламі ўчарашняга дня і сталіся прычынай нечаканай бяды – хваробы. Аляксандр здолеў атрымаць перамогу ў гэтай бітве. Праз сваю волю, імкненне да паўнавартаснага жыцця. Яго нарысы, артыкулы, інтэрв’ю, рэпартажы рэгулярна з’яўляюцца на старонках газет “Свободные новости”, “Новы час”, у інтэрнэт-выданнях.

У 2006 годзе Аляксандр Тамковіч выдаў першую частку сваёй кнігі “Судьбы”, у 2007-м – кнігу “Женщины”. Наперадзе новы цыкл -- інтэрв’ю з лідарамі грамадскай думкі, якія належаць да трох пакаленняў і прадстаўляюць тры хвалі дэмакратычнага беларускага адраджэнскага руху найноўшага часу – пачатку 1990-х гадоў, канца 90-х і сённяшняга, маладзейшага.

Аляксей Кароль, шэф-рэдактар газеты “Новы час”.

СПІКЕР ВС -- СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ

Парадокс, але Шушкевіч пацярпеў паразу ў той самы момант, калі атрымаў пасаду Старшыні Вярхоўнага Савета. На мой погляд, гэта была “пірава” перамога. Многія, хто працаваў у беларускім парламенце, які абвясціў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце, заўважылі, што пасля перамогі над тагачасным спікерам Мікалаем Дземянцеем Станіслаў Станіслававіч у пэўным сэнсе супакоіўся. Былы дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання А. Сасноў, які лічыць Шушкевіча не самым моцным палітыкам, расказваў, як папярэджваў аб непазбежным наменклатурным рэваншы. Больш за тое, у адной з газет ён цалкам напісаў магчымы сцэнарый замены заканадаўчай улады. 28 студзеня 1994 года гэта і адбылося. Менавіта так, як пісаў Сасноў. На жаль Шушкевіч у той час слухаў зусім іншых.

Я не буду пералічваць усе этапы біяграфіі С. Шушкевіча, які нарадзіўся ў 1934 годзе ў Мінску. Скажу толькі, што да 1990-га Шушкевіча (калі ён стаў першым намеснікам Старшыні Вярхоўнага Савета) ведалі як фізіка-ядзершчыка. Тады Шушкевіч таксама прэтэндаваў на пасаду старшыні, але прайграў больш вопытнай партыйнай наменклатуры, якая, выбіраючы паміж вылучэнцам парткама БДУ і сакратаром ЦК КПБ, аддала перавагу апошняму. У жніўні 1991-га ён пры падтрымцы апазіцыі БНФ і на фоне разгубленасці былой партнаменклатуры ўсё ж змяніў Дземенцея, а ў 1994 годзе яго самога змяніў Мечаслаў Грыб. Потым пэўны час Станіслаў Станіслававіч працаваў дырэктарам Цэнтра палітычных і эканамічных даследаванняў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. І з гэтым “багажом” прыняў удзел у першых прэзідэнцкіх выбарах, дзе прайграў ужо ў першым туры. Ён набраў толькі 9,9 працэнта.

На гэтую тэму па сённяшні дзень шмат спрэчак. Згодны з тымі, хто лічыць – ад дэмакратычнага лагера павінен быў быць адзіны кандыдат. Але вось хто? Можа З. Пазьняк, за якога галасавалі 12,9 працэнта? Разам яны набралі больш чым В. Кебіч, які з правальнымі 17,4 працэнта галасоў выйшаў у другі тур.

А можа трэба было саступіць (і аб’яднаць каманды) Генадзю Карпенка, чый імідж быў прывабным і для наменклатуры і для значнай часткі электарата. З такой прапановай да Шушкевіча выходзілі прадстаўнікі Партыі народнай згоды, якую Генадзь Карпенка на той час у звязцы з Віктарам Ганчаром ачольваў. Але адказ Шушкевіча на гэтую прапанову быў катэгарычна адмоўным. Ва ўсякім разе наменклатура баялася Карпенкі і заваліла яго, скасаваўшы, як быццам бы несапраўдныя, частку подпісаў у Фрунзенскім раёне Мінска. З другога боку свае подпісы за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты адклікалі і дэпутаты з апазіцыі БНФ. Так што праблема фальсіфікацый і адзінства апазіцыі хаця б на вырашальных этапах палітычнага развіцця краіны – праблема не сённяшняга дня.

Даць адназначны адказ на пытанні аб страчаных магчымасцях - не магу. Таму, што не ведаю.

За той час, пакуль С. Шушкевіч быў спікерам, адбылося шмат падзей. Звернем увагу толькі на некаторыя з іх. Дарэчы, Шушкевіч быў першым спікерам у агульнапрынятым сэнсе. Ён сапраўды ўмеў нармальна гаварыць і мы больш не чулі фразаў наконт “задняга прахода”.

Ракавой для палітычнай кар’еры Шушкевіча стала сустрэча ў Віскулях на пачатку снежня. Ён быў адным з тых “белавежскіх зуброў”, якія “развалілі” Савецкі Саюз. Але ў адрозненне ад Ельцына і Краўчука, што сталі героямі, многія Шушкевіча ўспрымалі як здрадніка.

Я добра разумею ролю асобы ў гісторыі і схіляюся перад мужнасцю Станіслава Станіслававіча, але думаю, што яго ўклад некалькі пераацэнены. На мой погляд, СССР павінен быў разваліцца. Калі б гэта не зрабіў Шушкевіч, то гэта выпала б на долю некага іншага. Магчыма, таго ж Кебіча, чый подпіс таксама стаіць пад Белавежскімі пагадненнямі. Справа сыходу СССР з гістарычнай арэны залежала толькі ад канкрэтнага часу. Раней бы ўсё адбылося, ці пазней, але Савецкі Саюз быў проста асуджаны на знікненне.

8 снежня 1991 года былі падпісаны так званыя Белавежскія пагадненні і дэнансаваны саюзны дагавор 1922 года, а 22-га ўсё гэта ратыфікаваў Вярхоўны Савет.

Але не толькі гэты факт біяграфіі Шушкевіча стаўся потым адной з прычын яго звальнення з пасады. Адной з галоўных была знакамітая “памяркоўнасць”. Ён заўсёды спрабаваў лавіраваць паміж наменклатурай і прыхільнікамі БНФ. І страціў абсалютную падтрымку апошніх. Урэшце, калі вырашалася пытанне аб адстаўцы, для якой па рэгламенту неабходна дзве трэціх галасоў, нацыяналісты не сталі трымацца за Станіслава Станіслававіча. Без іх Шушкевіча не звольнілі б. Але ж за яго адстаўку галасавала і наменклатурная частка ВС, як і прамежкавая між імі.

У сярэдзіне лета 1993 года нешта падобнае ўжо было. Сам Шушкевіч лічыць, што ён тады перайграў сваіх апанентаў, якім не хапіла некалькіх галасоў. Але называюць і іншую прычыну. Справа ў тым, што ў Беларусь планаваўся візіт прэзідэнта Злучаных Штатаў Біла Клінтана. Адстаўка па сутнасці першага чалавека ў дзяржаве была б вельмі непажаданай.

Клінтан знаходзіўся ў Беларусі толькі восем гадзін, але паспеў вельмі многа. Напрыклад, з’ездзіў у Курапаты, дзе адкрыў вядомы помнік, які потым не раз будзе мішэнню злачынцаў. Многія тады заўважылі, што ў Шушкевіча, які знаходзіўся побач, не было асаблівага агню ў вачах. Мабыць, ён разумеў, што апаненты ў Вярхоўным Савеце не супакояцца і яшчэ адна спроба будзе больш паспяховай. Не дарэмна такіх палітыкаў на Захадзе называюць “кульгавымі качкамі”.

Па вялікім рахунку ў сваім сыходзе Шушкевіч вінаваты сам. Акрамя таго, што страціў падтрымку БНФ, Станіслаў Станіслававіч зрабіў яшчэ адну памылку. Ён падтрымаў прапанову Анатоля Лябедзькі аб прызначэнні дэпутата Аляксандра Лукашэнкі кіраўніком знакамітай антыкарупцыйнай камісіі. Абодва потым паплаціліся. І першым быў менавіта Шушкевіч. Не думаю, што асноўнымі прычынамі сталі літоўскія камуністы Буракявічус і Ермалавічус альбо праславутая “скрыня цвікоў”. Як спяваў Уладзімір Высоцкі: «хотели кушать и съели Кука».

Нагадаю, наконт цвікоў адбылося наступнае. У Шушкевіча было дзве дачы. Дзяржаўная ў “Драздах”, дзе ён амаль не бываў, толькі праводзіў некаторыя пасяджэнні прэзідыума Вярхоўнага Савета. Другая - асабістая, якую ўсім дэпутатам далі ў раёне Негарэлага. Там Шушкевічы і пабудавалі хату. Калі яе тынкавалі, то, па словах Лукашэнкі, адбылося “злоўжыванне службовым становішчам”. Маўляў, “спісалі” цвікоў больш, чым было патрэбна.

Потым адпаведная камісія прыйшла да высновы, што гэта не так, але месца Шушкевіча ўжо займаў Грыб.

У руках тагачаснага спікера Вярхоўнага Савета была немалая ўлада. Зразумела -- не аднаасобная, і таму патрабавала ад яго імкнення і здольнасцяў генерыраваць новыя ідэі, шукаць і сплочваць саюзнікаў, шукаць сяброў, а не пераўтвараць іх у ворагаў. У той палітычнай сітуацыі, што склалася ў краіне і вакол яе, калі кансерватыўная частка наменклатуры адчувала сябе вельмі хістка, а больш прасунутая частка была згодная на рэформы, калі апазіцыя мела сістэмны статус, у спікера ВС былі ўсе перадумовы заваяваць падтрымку большасці дэпутацкага корпуса. Была магчымасць ініцыяваць і прыняць законы, якія б стваралі інстытуты новай дэмакратычнай сістэмы ўлады і не дазволілі б адкат назад. Спікер Шушкевіч Станіслаў Станіслававіч гэтых магчымасцяў не ўбачыў. Дэпутат ВС Сяргей Навумчык у артыкуле, надрукаваным у “Народнай волі”, распавядае аб адным сваім разам з Зянонам Пазьняком візіце да спікера Шушкевіча. На ўсе іх прапановы канкрэтных дзеянняў яны чулі адмоўны адказ.

Так стваралася глеба для прыходу папулісцкага лідара на новым вітку расчаравання народа як у старой наменклатуры, так і ў новых дэмакратах.

У 1995 годзе Шушкевіч без асаблівых складанасцяў стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета нешчаслівага 13-га склікання. Але нават калі новы парламент апынуўся ў апале, выйсці ў спікеры яму не ўдалося. Больш за тое, яго кандыдатуру нават ніхто не ўспрымаў сур’ёзна.

У чэрвені 1996 года ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамадзе адбыўся першы раскол. Прыхільнікі М. Статкевіча аб’ядналіся з Партыяй народнай згоды. А ў студзені 1997-га па просьбе Мікалая Статкевіча мінюст ліквідаваў БСДГ (НГ). У сакавіку

таго ж года быў створаны аргкамітэт па адраджэнні былой партыі. Узначаліў яго па прапанове Алега Трусава Станіслаў Шушкевіч, які дагэтуль у ліквідаванай партыі не значыўся. Потым ён узначаліў і невялічкую БСДГ, за якую і трымаецца да гэтага часу.

12.08.07

ПРЭМ’ЕР - ВЯЧАСЛАЎ КЕБІЧ

Цалкам згодны з тымі, хто лічыць, што да 1990 года, да прызначэння кіраўніком Савета Міністраў БССР Кебіча, як палітыка, не існавала. Дагэтуль ён лічыўся даволі “крепким руководителем” і палітыкай не займаўся ўвогуле.

У 1990 годзе адбыўся яшчэ адзін палітычны дэбют: ад імя Беларусі Вячаслаў Францавіч выступіў на чарговай сесіі Вярхоўнага Савета СССР. Выступленне было вельмі жорсткім. Кебіч выказаўся супраць “разборак” паміж Ельцыным і Гарбачовым, якія перашкаджаюць нармальна працаваць у правінцыі.

Пазней менавіта “разборкі” на некалькі гадоў стануць адным з атрыбутаў яго палітычнай кар’еры. Пачалося ўсё ў жніўні 1991 года. Аб тым, як ён сустрэў весткі пра жнівеньскія падзеі, Кебіч распавядаў сам.

“У дзень путчу я быў на адпачынку ў Крыме. 19 жніўня мне больш за ўсё запомніліся дрыжачыя рукі Янаева на экране тэлевізара і разуменне таго, што ўсё гэта -- правальная ідэя. А ўляпацца было прасцей простага, таму цалкам свядома не стаў тэлефанаваць ні Малафееву, ні Дземянцею, а працягваў адпачываць. І, як высветлілася, быў праў”.

На той час Кебіч значыўся дэпутатам Вярхоўнага Савета. Менавіта “значыўся”, таму што да перабудовы савецкі беларускі парламент, як цяпер Палата прадстаўнікоў, быў пэўнай бутафорыяй. Але выбары ў Вярхоўны Савет 12-га склікання, што адбываліся ўжо падчас перабудовы, былі сапраўднымі. Наменклатура ўжо напалову выпусціла з рук старыя рычагі кантролю, а новых яшчэ не стварыла. На выбарах Кебіч перамог дырэктара саўгаса Лукашэнку, які ўжо распачаў свой шлях да ўлады.

Праз тыдзень пасля правалу путчу, 26 жніўня, пачалася пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета, дзе Мікалай Дземянцей быў вымушаны сыйсці з пасады старшыні. Як вядома, яго крэсла заняў Станіслаў Шушкевіч і, думаю, гэта не вельмі пакрыўдзіла Вячаслава Францавіча. Ён саступіў пасаду, якая насіла на той час чыста фармальны характар, але рэальнай улады не згубіў. А пагадзіўся на барацьбу за месца спікера па вельмі простай прычыне. Пасля таго, як рухнула кіруючая роля КПСС, адзінага кіраўніка ў краіне не засталося. Гэта роля магла перайсці да Вярхоўнага Савета. І, хутчэй за ўсё, калі б менавіта Кебічу ўдалося стаць на чале парламента, наша краіна і па сённяшні дзень заставалася б парламенцкай рэспублікай.

Як вядома, Кебіч змагаўся тады з Шушкевічам некалькі тыдняў, але перавагі не было ні ў каго. І Вячаслаў Францавіч добраахвотна зняў сваю кандыдатуру. І твар захаваў, бо рэальнай паразы не было, і красамоўна паказаў, што ён не з тых людзей, хто дзеля ўлады не здольны на кампрамісы. У той час Кебіч дыпламатычна адступіў, каб праз два гады нанесці больш моцны ўдар.

У нетрах старой наменклатурнай арыстакратыі ўзнікае і набывае канкрэтныя арганізацыйныя формы ідэя ўвядзення пасады прэзідэнта, якая разумелася як свайго роду новае ўвасабленне і цара, і генсека разам. Ідэя вярсталася персанальна пад Кебіча. На аднаго разлічвалі – другога атрымалі. Не хацелі, не любілі, але ж прынялі дзеля вышэйшай мэты бюракратыі – самазахавання пры ўсіх прывілеях і ўладнага становішча.

Тая пазачарговая парламенцкая сесія стала “моментом истины”, своеасаблівым адлікам супрацьстаяння двух палітыкаў. Ніхто з іх ніколі не адмаўляўся ад магчымасці зрабіць візаві нейкую бяку. Напрыклад, Кебіч папрасіў КДБ сабраць кампрамат на Шушкевіча. І быў вельмі расчараваны тым, што “кампраматам” сталі толькі плёткі і чуткі.

Але гэта так, хутчэй дзеля спартыўнага інтарэсу. Галоўныя намаганні Кебіча ў той час, пры адсутнасці ўладнага цэнтра ў выглядзе ЦК КПБ і інертнасці новага старшыні Вярхоўнага Савета, былі скіраваны на канцэнтрацыю ўладных паўнамоцтваў ва ўрадзе, дакладней - апараце Савета Міністраў, які ён імкнуўся пераўтварыць у своеасаблівы сімбіёз урада і ЦК. Менавіта па ўзору ЦК ён пачынае фарміраваць у межах саўмінаўскага апарата аддзелы, якія па сутнасці дублююць міністэрствы, мала таго - імкнуцца імі кіраваць. Хутчэй за ўсё, атрымай Кебіч перамогу на прэзідэнцкіх выбарах, гэтыя аддзелы сталі б асновай адміністрацыі прэзідэнта.

І ўсё ж такі Вячаслаў Францавіч адчуваў недастатковасць і хісткасць гэтай канструкцыі, неабходнасць эканамічных рэформаў. У рэшце рэшт, ужо як бы і рашыўся на іх правядзенне. У размове з адным са сваіх паплечнікаў у сакавіку 1999 г. (за тыдзень да заўчаснай смерці) Генадзь Карпенка пацвердзіў тыя чуткі, што хадзілі напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў: яны сапраўды дамовіліся з Кебічам, што той бярэ яго ва ўрад сваім намеснікам з камандай у колькасці 7 чалавек і дае ім поўны карт-бланш на правядзенне рэформаў. Але ўжо вечарам патэлефанаваў, мякка кажучы, з рэзкай вымовай. Карпенка не адразу змог нават уцяміць за што. Аказалася - за подпіс пад заявай дэпутацкай апазіцыі БНФ з патрабаваннем адстаўкі Кебіча. “Заяў, - смяяўся Генадзь Дзмітрыевіч, - рознага кшталту ў той час хадзіла дзесяткі, якія ён падпісваў не чытаючы. А тут, на табе, такое супадзенне”.

Вось так: маленькі эпізод – і іншы паварот гісторыі. Хаця будзь рашэнне Кебіча цвёрдым – пра гэту недарэчнасць забыліся б на другі дзень. І не такое даруюць, забываюць палітыкі дзеля дасягнення мэтаў, якія яны лічаць галоўнымі для сябе. Ці яны – не палітыкі.

Кебіч не ўзяў у Саўмін нікога з былых першых кіраўнікоў кампартыі Беларусі. Выключэнне зрабілі толькі для Малафеева, прычым на адносна невысокую пасаду. Урад Кебіча часова прыпыніў сваю належнасць да кампартыі, і працаўладкаванне А. Малафеева было своеасаблівым прабачэннем, адкупной перад партыйнай наменклатурай. І знакам вернасці: Францавіч нікога не “здае”.

Сам Кебіч не здраджваў. Здраджвалі толькі яму. Больш за ўсіх ён скардзіўся на Міхаіла Мясніковіча, якога лічыў самым блізкім чалавекам. А яшчэ на Сяргея Лінга, які потым сам стаў прэм’ерам. І яшчэ на Замяталіна, які шмат разоў публічна ганарыўся сваёй адданасцю Вячаславу Францавічу, што не перашкодзіла хуценька перабегчы на бок пераможцы – Лукашэнкі. Да гэтага часу па палітычных кулуарах блукае пытанне: эпізод са сцюардэсай, які так цудоўна спрацаваў на імідж Лукашэнкі, Замяталін раскруціў па дурасці, ці як тайны агент кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі ў камандзе Кебіча?

Наконт апошняга ўспамінаецца адзін выпадак з маёй журналісцкай практыкі.

У 1994 годзе прэс-сакратар Замяталін вельмі дапамог мне арганізаваць інтэрв’ю з Кебічам. Праўда, папрасіў падрыхтаваць пытанні за некалькі дзён да сустрэчы і дадаў да іх некалькі сваіх.

Пасля першага тура, калі ўсім стала зразумела хто будзе пераможцам, я паспрабаваў знайсці шчырых прыхільнікаў Кебіча. В. Замяталін адмовіўся выступіць у гэтай ролі...

Тое, што Кебіч прайграе прэзідэнцкія выбары, было зразумела амаль усім, акрамя самога Вячаслава Францавіча. Ён змагаўся ў першаю чаргу з Шушкевічам і амаль не звяртаў увагі на Лукашэнку, які ў свой час пагаджаўся нават на пасаду міністра сельскай гаспадаркі ў новым урадзе. Дай яму Кебіч гэтую пасаду – глядзіш і не стаў бы той прэзідэнтам. Гавораць, што Кебіч стаяў за тымі, хто адхіліў Шушкевіча ад старшынства ў Вярхоўным Савеце. Не станем гадаць, наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці, але нешта падобнае выглядае вельмі лагічным.

І яшчэ. Кебіч занадта моцна верыў свайму блізкаму атачэнню. Хаця зрэдку і ў яго прарываліся сумненні. Вось эпізод з адной з перадвыбарчых вечарын у маладзечанскім рэстаране. Кебіч гучна на ўсю залу мовіў: “Бачыш, тут - усе верныя саратнікі, а як толькі пахіснуся, здадуць і вокам не міргнуць”. Праз паўзу мінутнай цішыні “саратнікаў” як бомбай узняло з крэслаў, каб на перабой і хорам праспяваць: “Ну што Вы, Вячаслаў Францавіч, мы Вас любім!” Тыя, хто вырас у віхурах розных партыйных інтрыг, самі інтрыгавалі, ільсцілі, утойвалі праўдзівую інфармацыю, дакладвалі тое і так, што “бос” хацеў пачуць.

І не шчыравалі ў працы. Як успамінаў Сямён Шарэцкі – у той час дарадца Кебіча – усе кіраўнікі на ўсіх ступенях уладнай лесвіцы, ад аблвыканкама да старшынь калгасаў, запэўнівалі ў поўным кантролі за галасамі выбаршчыкаў, а на справе імітавалі дзейнасць. Больш за тое, добра адчувалі сапраўдныя настроі насельніцтва, і тайна рыхтавалі глебу для ўласнага выратавання, аж да збору подпісаў на карысць Лукашэнкі.

Ну, а з апанентамі змагаліся метадамі савецкай прапаганды. Настолькі кандова і прымітыўна, што часта выклікала адваротны эфект. Яны не хацелі бачыць - змяніўся сам час.

З дыстанцыі сённяшняга дня здзіўляе нейкі стыхійны дэмакратызм Кебіча і яго чалавечая прыстойнасць. Так, адміністрацыйны рэсурс у яго руках быў не роўня сённяшняму, але яго хапіла б, каб не адзін раз зняць свайго апанента з выбарчай дыстанцыі на рэальных, а не штучна прыдуманых, праколах яго каманды (хаця б за лёзненскі эпізод, за перадвыбарчыя плакаты, надрукаваныя ў нямеччыне). Палічыў для сябе за трусасць адмовіцца ад тэледэбатаў з Лукашэнкам, хаця гэта агульнапрыняты ход для дзеючага кіраўніка.

Ня гледзячы на неаднаразовыя пагрозы, Лукашэнка, пасля перамогі на выбарах, не стаў помсціць Кебічу. Больш за тое, паспрыяў яму стаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Чаму? На мой погляд, справа ў тым, што Кебіч, з аднаго боку, перастаў быць пагрозай новай уладзе, з другога - заставаўся рэальным лідарам старой наменклатурнай бюракратыі, якая мела моцны ўплыў на ўсіх ступенях тагачаснай вертыкалі. Лаяльнасць гэтай арыстакратыі для пераможцы ў прэзідэнцкай гонцы на першым этапе была патрэбна як паветра.

І яшчэ адзін даволі важны нюанс. Па сутнасці Лукашэнка пачаў рабіць амаль тое, чым займаўся Кебіч: інтэгрыравацца з Расіяй. Кебіч абяцаў хуткі прыход расійскага рубля і нават цалаваўся с Чэрнамырдзіным у засос. Лукашэнка з тым жа Чэрнамырдзіным пачаў будаваць саюзную дзяржаву, каб пад гэтую дуду, як цяпер ужо відавочна, атрымліваць ад Расіі эканамічныя прэферэнцыі на газ і нафту ў суме 6-8 мільярдаў штогод.

Пасля нечаканай паразы ў 1994 годзе Кебіч сышоў у “цень”. Спачатку ён узначаліў Беларускі гандлёва-прамысловы саюз. Потым атрымаў дэпутацкую сінекуру – у Вярхоўным Савеце 13-га склікання і Палаце прадстаўнікоў, першай і другой.

Сёння Вячаслаў Францавіч – звычайны пенсіянер. Падкрэсліваю - не персанальны, а звычайны. Было б няправільна маляваць Кебіча толькі чорнымі фарбамі. Безумоўна, шмат чаго з яго палітычнай кар’еры многім не падабаецца, але нельга забываць і пра іншае. Сёння самыя заядлыя апазіцыянеры з настальгіяй узгадваюць пра часы “разгулу кебічаўскай дэмакратыі”.

У 1994 годзе “Свободные новости”, у якіх я працаваў, праводзілі конкурс анекдотаў пра Кебіча, Пазьняка і Лукашэнку. Сёння гэта немагчыма.

Што агульнага паміж Кебічам і Шушкевічам? Абодва, хаця і кожны па-свойму, увасабляюць сабой слабасць беларускай нацыянальнай эліты. Адзін не змог стаць нашым Бразаўскасам, другі – нашым Вацлавам Гавелам.

19.08.07

P.S.

Калі гэта кніга рыхтавалася да друку, выйшлі ўспаміны В.Ф. Кебіча, якія мне вельмі не спадабаліся. Аўтар хлусіць, як некалі хлусілі яму. І гэта не “пустыя словы”. Калісьці Кебіч расказваў мне зусім не тое, што “ўспомніў”.



Скачать документ

Похожие документы:

  1. Яков Петрович Кульнёв: библиографический указатель

    Библиографический указатель
    О переименовании улиц в городе Полоцке: Решение Полоцкого городского Совета депутатов от 28 мая 2008 г., № 52 Полацкі веснік. – 2008. – 4 ліпеня. – с.

Другие похожие документы..